Фестиваль искусств белорусов мира

Першы фестываль мастацтваў беларусаў свету прайшоў у 2011 годзе.

 

 

Тады ў фестывалі прынялі ўдзел каля 250 нашых суайчыннікаў з 12 краін свету – Арменіі, Казахстана, Кыргызстана, Малдовы, Латвіі, Літвы, Польшчы, Расіі, Украіны, Эстоніі, Нідэрландаў і Беларусі.

 

Мэтай гэтага фестывалю былі прэзентацыя і папулярызацыя дзейнасці беларусаў замежжа, іх творчых здабыткаў. Важна было і падтрымаць суайчыннікаў, якія пражываюць у іншых краінах, наладзіць больш цесныя кантакты з імі, аказаць дапамогу культурным аб’яднанням з боку дзяржавы і грамадскіх арганізацый.

 

Першы фестываль мастацтваў беларусаў свету праходзіў у Мінску і Віцебску. У ім прымалі ўдзел мастацкія калектывы, музычныя ансамблі, асобныя выканаўцы, мастакі, скульптары і дызайнеры, а таксама майстры дэкаратыўна-прыкладнога мастацтва, фотамастакі, паэты і празаікі. На фестывалі былі прадстаўлены і творы вядучых беларускіх аўтараў.

 

У Мінску пры ўдзеле беларусаў замежжа былі арганізаваны мастацкая і фотавыстаўка, творчыя сустрэчы і вечары пісьменнікаў. Такім чынам, жыхарам Беларусі была дадзена магчымасць усебакова азнаёміцца з творчасцю землякоў, якія жывуць за межамі нашай краіны.

 

На думку саміх беларусаў, такія мерапрыемствы неабходна праводзіць як мага часцей, каб жыхары краіны маглі даведацца пра тое, як жывецца іх суайчыннікам у іншых краінах, а таксама пра тое, як Беларусь успрымаюць у свеце.

 

Фестываль быў арганізаваны Міністэрствам культуры Рэспублікі Беларусь і Рэспубліканскім цэнтрам нацыянальных культур пры падтрымцы Міністэрства замежных спраў Рэспублікі Беларусь, іншых органаў дзяржаўнага кіравання. Дапамагалі ў правядзенні гэтага мерапрыемства грамадскія арганізацыі і сродкі масавай інфармацыі.

 

 

Другі фестываль мастацтваў беларусаў свету праходзіў у Мінску ў верасні 2014 года.

 

На яго завіталі каля 250 суайчыннікаў з 18 краін свету – Аргенціны, Арменіі, Бельгіі, Германіі, Італіі, Іспаніі, Казахстана, Кыргызстана, Малдовы, Мексікі, Латвіі, Літвы, Польшчы, Расіі, Украіны, Францыі, Швейцарыі, Эстоніі.

 

Многія з творчых калектываў-удзельнікаў, а таксама асобных выканаўцаў ужо неаднойчы бывалі і выступалі ў Беларусі. Іншыя  завіталі ўпершыню. Так, дадалася “класічная” частка, якую прадставілі піяніст Міхаіл Юркоў з Францыі, спявачка Вольга Сотнікава-Рамас з Мексікі, кампазітар і піяністка Юлія Раманцова з Іспаніі.

 

Незвычайным падарункам для гледачоў сталі выступленні творчай вакальнай групы іспанцаў, якія спяваюць на беларускай мове і захоўваюць традыцыі беларускай народнай творчасці, а таксама маладых танцораў з гурта “Чайка”, якія прыехалі ажно з Аргенціны, дзе ў грамадскім аб’яднанні беларускай культуры “Усход” беражліва захоўваюць духоўную спадчыну ўжо другое і трэцяе пакаленне перасяленцаў.

 

З творчымі здабыткамі суайчыннікаў, якія жывуць у іншых краінах, пазнаёміліся і жыхары невялікіх гарадоў і аграгарадкоў Мінскай вобласці, куды з канцэртамі завіталі ўдзельнікі Другога фестывалю мастацтваў беларусаў свету. Пасля творчыя калектывы суайчыннікаў і асобныя выканаўцы парадавалі мінчан і гасцей сталіцы сваім майстэрствам падчас канцэрта-падарунка беларусаў замежжа гораду Мінску (ён прайшоў у Дзень горада) на адкрытай пляцоўцы каля Палаца спорту. У фінале адбыўся гала-канцэрт калектываў мастацкай самадзейнасці беларусаў замежжа ў Белдзяржфілармоніі.

 

Другі фестываль суправаджаўся і іншымі мерапрыемствамі. Так, у Беларускім дзяржаўным гістарычным музеі адкрылася фотавыстаўка “Мы – беларусы” аб дзейнасці беларускіх аб’яднанняў у замежных краінах. Там жа прайшлі экспазіцыя твораў мастакоў з ліку беларусаў замежжа, персанальная выстаўка карцін Вольгі Гуськовай з Бельгіі і выстаўка вырабаў дэкаратыўна-прыкладнога мастацтва беларусаў замежжа з Расіі, Малдовы, Польшчы і Італіі. А ў Дзяржаўным літаратурна-мемарыяльным музеі Якуба Коласа адбылася творчая сустрэча “Паэты і пісьменнікі беларускага замежжа”.

 

У межах Другога фестывалю мастацтваў беларусаў свету было праведзена  і  Пятае пасяджэнне Кансультатыўнага савета па справах беларусаў замежжа пры Міністэрстве культуры Рэспублікі Беларусь.

 

 

Трэці фестываль мастацтваў беларусаў свету прайшоў ў 2017 годзе.

 

З 7 па 11 верасня ў Беларусі гасцявалі землякі з розных краін свету – Міністэрства культуры Рэспублікі Беларусі, Рэспубліканскі цэнтр нацыянальных культур пры падтрымцы іншых міністэрстваў і органаў дзяржаўнага кіравання праводзілі Трэці фестываль мастацтваў беларусаў свету, які прысвячаўся 500-годдзю беларускага кнігадрукавання, 135-годдзю народных паэтаў Беларусі Янкі Купалы і Якуба Коласа, 950-годдзю з дня заснавання г. Мінска. Маецца нагода падвесці яго некаторыя вынікі, паразважаць над фактамі і падзеямі .

 

Здаўна ў розных краінах свету нашы майстры прыгожых мастацтваў, выхадцы з беларускага краю сцвердзілі сябе як таленавітыя спевакі, музыкі, акцёры, кампазітары, майстры народных рамёстваў, мастакі, пісьменнікі. Яны радавалі сваім майстэрствам вытанчаную замежную публіку, праслаўляючы беларускую зямлю, якая іх узгадавала. Гэта выдатныя спевакі Міхась Забэйда-Суміцкі, Пётра Конюх, Мікола Стрэчань, кампазітары Міхал Клеафас Агінскі, Мікола Равенскі, Мікола Куліковіч-Шчаглоў, Станіслаў Манюшка, Мечыслаў Карловіч, акцёры Васіль Качалаў, Пётра Алейнікаў, мастакі Казімір Малевіч, Вітаўт Бялыніцкі-Біруля, пісьменнікі Мікола Гусоўскі, Сымон Полацкі, Адам Міцкевіч, Эліза Ажэшка, Фёдар Дастаеўскі і многія іншыя. А якое сузор’е талентаў праяўляецца цяпер!

 

Цудоўная традыцыя збіраць на роднай зямлі выдатных майстроў і  талентаў зарадзілася ў 2011 годзе, і з таго часу фестываль праводзіцца раз на тры гады. Геаграфія грандыёзных святкаванняў штораз павялічваецца. Калі на першым фестывалі  прымалі ўдзел нашы суайчыннікі з 11 краін свету,  то цяпер 214 удзельнікаў мастацкай творчасці, асобныя выканаўцы, мастакі, майстры народнай творчасці, пісьменнікі з 19-ці краін: Арменіі, Вялікабрытаніі, Германіі, Даніі, ЗША, Ізраіля, Італіі, Казахстана, Кыргызстана, Латвіі, Літвы, Люксембурга, Малдовы, Нідэрландаў, Польшчы, Расіі, Украіны, Францыі, Эстоніі. Акрамя таго, на ранейшых фестывалях былі прадстаўнікі яшчэ з Аргенціны, Бельгіі, Германіі,  Іспаніі, Мексікі, Нідэрландаў, Швейцарыі. Да гэтага неабходна дадаць і геаграфічнае пашырэнне ўнутры замежных краін. Растуць жа іншыя зямляцкія аб’яднанні. Так, напрыклад, у Расіі актыўнасцю вылучаюцца Калінінградскае зямляцтва беларусаў, нацыянальна-культурныя аўтаноміі беларусаў Томскай, Растоўскай, Цюменскай абласцей, Барнаула, Санкт-Пецярбурга, Масквы, Волагды, цэнтры беларускай культуры ў Яраслаўлі, Навасібірску і інш., якія і гасцявалі сёлета.

 

 

У праграме трэцяга фестывалю – яго адкрыццё ў Беларускай дзяржаўнай філармоніі “З любоўю да роднай зямлі”, выставы, экскурсіі ў Нацыянальную бібліятэку Беларусі і іншыя музеі сталіцы, творчая сустрэча ў музеі Янкі Купалы пісьменнікаў і паэтаў беларусаў замежжа з сябрамі грамадскага аб’яднання “Саюз пісьменнікаў Беларусі”, цырымонія адкрыцця памятнага знака “Беларусам замежжа”, канцэрты калектываў  і выканаўцаў мастацкай творчасці беларусаў замежжа “Беларусы замежжа віншуюць сталіцу” на сцэнічнай пляцоўцы каля Мінскай гарадской ратушы, урачысты прыём гасцей фестываля ад імя Міністра культуры Рэспублікі Беларусь, канцэрты калектываў  і выканаўцаў мастацкай творчасці беларусаў замежжа “Ты заўсёды ў сэрцы маім, Беларусь” у рэгіёнах Беларусі.

 

Перад адкрыццём фестывалю адбылося яшчэ адно адкрыццё ў памяшканні філармоніі – выстава твораў дэкаратыўна-прыкладнога і выяўленчага мастацтва беларусаў замежжа (два адкрыцці пачынаў Міністр культуры Барыс Святлоў).

 

 

З першага фестываля мастацтваў выпрацавалася добрая традыцыя прэзентаваць творы нашых суайчыннікаў. Мы парадаваліся тады набыткамі Вікторыі Каваленчыкавай з Нідэрландаў, чые палотны ўпрыгожвалі выставы ў Швейцарыі, Германіі, Італіі, Бельгіі, Расіі і ЗША; мастака і пісьменніка Уладзіміра Банцэвіча з Растова-на-Доне, які нарадзіўся ў Пінскім раёне; мастака Вячаслава Ігнаценкі з Малдовы, што пайшоў у вялікую дарогу з Лоеўшчыны.

 

На другім фестывалі, 2014 годзе, мы захапляліся талентам мастачкі, графічнага дызайнера Вольгі Гуськовай з Бельгіі, творы якой  знаходзяцца ў прыватных калекцыях Бельгіі, Англіі, Нідэрландаў, Германіі, Францыі, Італіі, ЗША, Аб’яднаных Арабскіх Эміратаў, Ніны Менцюковай з Італіі, што родам з Ашмян, якая вырабляе дрэвы з паўкаштоўных і іншых матэрыялаў, мастакоў з Польшчы Міраслава Здрайкоўскага і Аляксандры Чарняўскай, Тацяны Канавалавай і Ірыны Тапчылка з Італіі, Вячаслава Ігнаценкі, Ірыны Лазарук, Ларысы Бугаёвай, Людмілы Вайнштэйн з Малдовы.

 

Прыемна, што некаторыя мастакі ўдзельнічаюць у нашых фестывалях не адзін раз. Мы бачым як новыя фотаработы мастака з Малдовы Ганны Мазур, так і прафесійнага мастака Ганны Колас з Вялікабрытаніі, якая ўпершыню на нашым фестывалі, Тацяну Расмусен з Даніі, Радаслава Маціевіча, Галіну Харбедзію з Літвы, Людмілу Гросу з Малдовы, Віктара Байкачова з Эстоніі, Наталлю Лучкіну, Пятро Якубука і ЯнінуПіотух з Расіі. У экспазіцыі прадстаўлены жывапіс, графіка, фота, мастацкая апрацоўка камня і метала, ткацтва, вязанне, шыццё, ручная вышыўка. Аўтарамі з’яўляюцца як прафесійныя мастакі і майстры дэкаратыўна-прыкладнога мастацтва, так і аматары, але ўсіх аб’ядноўвае любоў да сваёй справы, праяўленне ў творчасці прыязнасці і любові да роднай зямлі.

 

Асаблівую ўвагу прысутных прыцягнулі работы Пятра Якубука (ювелірная апрацоўка камня і метала), заслужанага мастака з Крыма,  выпускніка мастацкай вучэльні імя Глебава і студэнткі Расійскай акадэміі жывапісу і архітэктуры Іллі Глазунова Яніны Піотух (г. Яраслаўль), якая падаравала музею Якуба Коласа партрэт народнага паэта-юбіляра.

 

Сапраўдным россыпам талентаў стаў канцэрт калектываў і выканаўцаў мастацкай творчасці беларусаў замежжа ў беларускай філармоніі. Удзельнікі заслужана віталі заслужаных артыстаў Кыргызскай Рэспублікі Юлію Руцкую, Рэспублікі Малдова Маргарыту Івануш, маладую, але ўжо вядомую лаўрэатку шматлікіх міжнародных конкурсаў піяністаў Вольгу Сцяжко, выпускніцу Каралеўскай акадэміі музыкі ў Лондане і гімназіі-каледжа пры  Беларускай акадэміі музыкі, прафесійных музыкаў з Люксембурга цымбалістку Тацяну Ялецкую і піяністку і кампазітара Тацяну Зелянко і інш.

 

Выяўлялі сваё мастацтва, любоў да роднай Бацькаўшчыны ўдзельнікі фестывалю таксама на розных пляцоўках: каля канцэрнай залы «Верхні горад» Мінска, у абласцях (Іванаўскі, Драгічынскі, Асіповіцкі, Бабруйскі, Лепельскі, Докшыцкі, Жыткавіцкі, Навагрудскі раёны). Адметным выкананнем беларускіх песень, жывасцю і любоўю да нацыянальнай культуры вылучаюцца мастацкія калектывы: «Родныя карані» (Ерэван), «Спадчына» (Італія), «Надзея» (Казахстан і Латвія), «Світанак» (Літва і Польшча), «Зорачкі» (Малдова), «Лянок» і «Крылы» (Львоўшчына), «Славянская душа» (Францыя), «Спадкі» (Эстонія), «Напеў» (Калінінград), «Мядуніца» і «Барвіначкі» (Томск), «Крыніца» (Яраслаўль), «Рэтра-Хіт» (Санкт-Пецярбург), «Белая Русь» (Волагда), «Славяначка» (Растоў); індывідуальныя выканаўцы: Пятро Жаркоў (ЗША), Людміла Сінкевіч і Ларыса Люцько (Латвія), Алена Капылова (Томск), Глеб Кудрашоў (Палтава) і інш.

 

Пранікаешся любасцю да нашых суайчыннікаў, якія захавалі аўтэнтычныя спевы далёка ад нас і групуюцца ў нацыянальна-культурных аўтаноміях беларусаў у Томскай, Навасібірскай, Растоўскай, Цюменскай абласцях, Заураллі, Прымор’і, Алтаі, Казахстане і іншых рэгіёнах, а таксама да новых беларусаў, якія цягнуцца да традыцыйнай і сучаснай культуры сваіх продкаў. Вартым узорам тут з’яўляецца фальклорны ансамбль “Вячоркі” з Цюменскай вобласці, у складзе пажылых жанчын, што цудоўна выконвае песні тых беларускіх краёў, ад якіх яшчэ ў часы сталыпінскай рэформы адарваліся іх бацькі (напрыклад, «Не журыся, дзеўка», «Не закукала зязюлечка», «У полі азярэчка», «Ой, ня быстра рэчка», «Ой ляцелі гусі» і інш.).

 

Самыя маладыя ўдзельнікі фестывалю – вакальна-харэаграфічны ансамбль «Пірхэй Ашдод» (Кветкі Ашдода) з Ізраіля (кіраўнік дэлегацыі Аркадзь Крумер, пісьменнік) – па-дзіцячы цікавяцца ўсім беларускім, спяваюць, танчаць па-беларуску і не толькі («Рэчанька», «Родны мой горад», «Хава нагіла» і інш.).

 

Цудоўная спявачка Анастасія Дзяменцьева, дырэктар Навасібірскага цэнтра беларускай культуры, выконвае «Белую Русь» («Ясная, добрая, чыстая, светлая, белая, Белая Русь…») па-беларуску з рускамоўнага рэпертуара А. Агурбаш. А ансамбль беларускай песні «Надзея» з Латвіі спявае «Auga, auga rūžena» на латгальскай і беларускай мовах, па-беларуску песні на словы Станіслава Валодзькі з Даўгапілса, уганараваным медалём Францыска Скарыны, удзельніка ўсіх трох фестываляў. Бадай самы прыкметны ўдзельнік фестывалю з раскошнай барадою, беларускім вышываным касцюме і шырокім брылі Мікалай Крысковіч з Алтая, а родам з Асіповіч, старшыня грамадскага аб’яднання «Нацыянальна-культурная аўтаномія Барнаула», вольна чытае свае вершы па-беларуску зацікаўленым алтайцам. Цікавых прыкладаў выяўлення нацыянальна-культурнай ідэнтычнасці за мяжою нашых суайчыннікаў можна прыводзіць нямала.

 

Акрамя агульных мерапрыемстваў у пісьменнікаў-удзельнікаў фестывалю, была свая праграма і галоўнае ў ёй – сустрэча з членамі Саюза пісьменнікаў Беларусі ў музеі Янкі Купалы, якую праводзіла Алена Стэльмах, першы намеснік старшыні. Пісьменнікі-беларусы свету (а таксама члены Кансультатыўнага савета па справах беларусаў замежжа пры Міністэрстве замежных спраў Рэспублікі Беларусь, што прысутнічалі) пазнаёміліся з дзейнасцю Саюза, прачыталі ўласныя творы, распавялі пра свае набыткі і планы.  Цёпла былі сустрэты выступленні Станіслава Валодзькі з Латвіі, Мікалая Крысковіча з Алтая, а таксама самай вялікай дэлегацыі з Польшчы, у складзе Юрыя Баены і Міраславы Лукшы, членаў Саюза беларускіх пісьменнікаў, а таксама Барбары Гаральчук, Ганны Радзюкевіч і інш. Адбылася зацікаўленая размова і абмен кнігамі.

 

Усе ўдзельнікі фестываля з прыемнасцю наведалі родную Беларусь, наведалі музеі і выставы, убачылі і пачулі выступленні мастацкіх калектываў у сталіцы і рэгіёнах, пакінулі землякам яркія прэзентацыі сваіх мастацкіх дасягненняў і творчых набыткаў, выявілі пашану да нацыянальных традыцый і культуры, роднага слова і славутай гісторыі, здзейснілі своеасаблівыя справаздачы папулярызацыі культурных каштоўнасцей беларусаў за межамі Беларусі, пакінулі спадзяванні на новыя сустрэчы.